Пра восень часта кажуць: залатая восень. Чаму, здагадацца не цяжка : лісце на дрэвах з зялёных перафарбоўваць ў самыя розныя адценні залатога і залацістага. Жоўтая охра, чырвоная медзь, зялёная латунь, карычневая бронза, бледна — жоўтае і памяранцава — жоўтае золата — гэтыя колеры перш за ўсё нагадваюць пра восень. Паглядзіш на лес, які ўвесь афарбаваны ў такія адценні і міжволі падумаеш : так, залатая восень. Гэта сапраўды вельмі прыгожая пара, можа быць, самая прыгожая ў годзе. Ва ўсякім выпадку, многія мастакі асабліва любяць пісаць менавіта восеньскія пейзажы. Гэтая тэма дае ім самы багаты выбар фарбаў.

Вызірні ў акно : якая там прыгажосць! Жыхары горада мітусліва і рэдка ўмеюць цаніць прыгажосць напоўненых маўчаннем хвілін. Іншая справа — вёска, якая патанула ў шолаху лістоты і шэпце траў. Я рады, што жыву ў вёсцы, і магу акунуцца ў чароўную цішыню лесу.

Восень у самым разгары. Тонуць у рыжым травяным балоце зялёныя астраўкі. Тонкія стволікі белых бяроз — у агні залатога лістапада. Адны толькі елі і хвоі захаваюць да новага года пышны цёмна -зялёны ўбор.


Золата паўсюль: на дрэвах і на зямлі. Залаты нарад навакольных дрэў адцяняе бледна — блакітнае неба. Яно толькі дзе-нідзе прасвечвае скрозь залатую лістоту, з’яўляючыся своеасаблівым фонам для новага строя гэтых прыгажуноў. Нават старое каравае дрэв , якое варта ў двары школы, змянілася, змяніўшы зялёнае сукенка на залатое. Толькі трава яшчэ не зусім памяняла нарад , ды на некаторых лісточках прагледжваюць зялёныя плямы. Але на фоне гэтай неброской зеляніны яшчэ дзівосна глядзіцца восеньскае ўбранне таполяў , маладых бяроз і асін . «Унылая пара! Вачэй зачараванне ! » — Так пісаў пра восень Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Ідзеш і радуешся такой прыгажосці. І пачынаеш разумець , чаму паэты так любілі апяваць восень. А часам проста слоў няма , ну немагчыма апісаць усё тую прыгажосць , якая адкрываецца перад табой.

Шпацыруеш па гаі і не можаш нагуляцца, так не хочацца пакідаць гэтую прыгажосць. Вельмі прыгожа рана раніцай, калі добрае надвор’е. Залатыя дрэвы проста ззяюць на фоне яркага блакітнага неба. Нельга не захапляцца прыродай, няма нічога выдатней яе. Ах ! Як выдатна, проста дух захоплівае ад усяго гэтага хараства.

Шкада, што пара гэтая зусім нядоўгая. Калі каляндарная восень доўжыцца тры месяцы , то залатая восень — калі ўсе дрэвы стаяць жоўтыя — усяго два-тры тыдні. І, вось пацешыўшы воччы чыстымі залатымі адценнямі, лісце раптам пачынаюць хутка абсыпацца. Лістота, якая засталася на дрэвах, радзее штодня, лістапад узмацняецца. Зямля таксама становіцца пакрытай золатам, гэта золата — апалае лісце — шамаціць пад нагамі. І настрой трохі сумнае ад таго , што гэтая прыгажосць так недаўгавечная.


Чым больш лісця на зямлі, тым менш іх на дрэвах. І аднойчы лісця на дрэвах не застанецца зусім, толькі чорныя голыя ствалы. Гэта таксама ўсё яшчэ восень , але ўжо не залатая.

Источник: belklass.com

Не трэба думаць, што лiстапад зусiм нецiкавы месяц. Маўляў, ужо позняя восень, i нездарма яе называюць шэрай, пахмурнай, самотнай… Але ж прырода нiколi не бывае аднастайнай, у любую пару года яна па-свойму багатая на фарбы, i сустрэча з ёю, успрыманне яе — сапраўднае свята для душы, тым больш сёлета, калi восень так доўга цёплая, пяшчотная, ласкавая…

Пярэсты лiстапад

Iду ў лес ля нашай вёскi, каб убачыць, якi ён у лiстападзе. Толькi апынуўся ў засенi дрэў, адразу ж запаволiў крок, баючыся спалохаць тую чуйную цiшу, што зараз тут пануе. На ўскрайку растуць бяроза, асiна, клён, вольха. Яны ўжо скiнулi сваю лiстоту, i тут стала больш светла i прасторна. I гэты зусiм невялiчкi лясны куточак дае зараз столькi асалоды, я адчуваю такi душэўны спакой i раўнавагу, так лёгка i прыемна, бо тут нiякай табе мiтуснi, нiякага гарадскога тлуму, ад чаго мы моцна стамляемся. Падыходжу да самавiтага дуба, свайго добрага знаёмага.
мятаю яго з таго часу, як мы збудавалi ў вёсцы нашу хату. Колькi разоў у лесе гулялi шалёныя вятры, вар’яцелi буры, пакiдаючы пасля сябе зламаныя, пакалечаныя, вывернутыя з каранямi дрэвы. Дуб жа стаiць, як той асiлак, моцна i ўпэўнена, бо вельмi трывала зраднiўся з матухнай-зямлёю. Ён не надта высокi, такi раз­галiсты, з шырокай карычневай кронай: такi колер мае лiсце дуба, быццам адлiтае з бронзы. Яно будзе трымацца доўга, амаль усю зiму, а разам з iм i моцныя жалуды.

Крочу далей, i ўжо iншы малюнак. Цэлая сям’я маладых палахлiвых асiн. Даўно скiнулi сваё лiсце, але ж яно далёка не паляцела, а засталося тут, на зямлi пад асiнамi — чырвонае, жоўтае, карычневае, бледна-зялёнае… Ах, якое цудоўнае пакрывала пасцялiлi сабе пад ногi асiны!

Iду праз невялiчкую ўтульную палянку, падыходжу да густых ялiн. Месцейка мне добра знаёмае, ведаю, што тут будзе змрочна, паветра насычана вiльгаццю. Ну зусiм нявесела сярод пахмурных, маўклiвых ялiн, якiя быццам не вельмi рады такому госцю, што парушае iх спакой.

Але ж што гэта такое? Сярод маладых ялiнак, якiя дружна, бы тыя непаседы, выбеглi на ўскрай палянкi, вiсяць пацеркi. Дык гэта ж рабiна, яе тут шмат, разышлася сярод гэтых ялiн, i паспелыя, чырвоныя ягады — быццам жывыя агеньчыкi сярод сумнай шэранi…

Ну якi ж лiстапад нават у познюю восень? Пярэсты, безумоўна, з самымi рознымi фарбамi.

Свечкi на бярозе

У асеннi дзень, калi ўсё наваколле залiвала сваiм святлом i цяплом надзвычай шчодрае сонца, мяне зачаравала бяроза, якая адзiнока расце на нашым лузе. Глянуў на яе — i не мог адарваць вачэй: перада мною жыла цiхая, дрыготкая музыка з подыху i пяшчоты гэтага дрэва, з яго фарбаў, мо нават з яго пачуццяў…


Частка лiсця на бярозе ўжо асыпалася, а тыя, што засталiся, пад сонечнымi промнямi былi як свечкi. I дрэва стаяла, як нейкi цуд. Час ад часу крону злёгку варушыў зусiм неназой­лiвы ветрык, i тады асобныя лiсцiкi паволi адрывалiся з гнуткiх галiн, мiтусiлiся ў паветры i нiяк не хацелi апускацца на зямлю. Мне здавалася, што iм надта цяжка назаўсёды развiт­вацца i са сваёй добрай бярозай-мацi, якая нарадзiла iх i так дбайна даглядала, i са сваiмi сястрычкамi-лiсточкамi, сярод якiх усё лета было так весела i бесклапотна. Вось адзiн лiсто­чак адарваўся i паляцеў не ўнiз, а ўверх. Ён доўга кружыў у паветры i раптам апусцiўся на крону, затрымаўся ў ёй.

Праз жоўтае, далiкатнае i пяшчотнае лiсце прасвечваўся белы ствол бярозы. На яе галiнах золатам зiхацелi незвычайныя свечкi перад развi­таннем з жыццём.

Лясны чалавек

Часта сустракаю ў нашым лесе дзеда з суседняй вёскi. Вось i гэтай восенню сустрэў яго ў лiстападзе з кошыкам у руках. Разгаварылiся.

— Што, яшчэ па грыбы сабралiся? — пытаюся.

— Ага. Пацягнула так, што не ўтрымаўся. Пазнавата ўжо, але ж апенек яшчэ нарэзаў, — дзед паставiў кошык на траву. — У мяне тут свае мясцiны, там вельмi ўтульна, апенькi растуць доўга, iх не даймаюць халады. Дый нiхто туды не дабiраецца.


— Вам, мабыць, ужо цяжка хадзiць па лесе?

— Дык я ж нiкуды не спяшаюся, тупаю памаленьку. Без гэтага лесу не магу, прывык да яго з дзяцiнства, ён мне такi ж родны, як i мой агарод. Ну, нашы вяскоўцы здаўна кажуць, што лес — гэта ежа, i прытулак, i ад бяды паратунак. Так яно i ёсць, у вайну мы толькi i ратавалiся ў лесе ад карнiкаў. Вось i выходзiць, што я — лясны чалавек, дый годзе.

Пацярушыў дробны дожджык.

— Во зараз такiя пахi пойдуць па лесе, адна асалода. Падыхайце чым пабольш, самi пераканаецеся, — дзед узяў свой кошык i надзвычай лёгка для свайго ўзросту пакрочыў па мяккай сцяжынцы, усцеленай лiсцем.

Я не спяшаўся дадому. На ўсе грудзi ўдыхаў чыстае свежае паветра, i яно пахла зляцелай лiстотай, смалiстай ялiнай, ягадамi рабiны, познiмi грыбамi… А фарбы — яны, канешне, не такiя яркiя, як летам, але ж у iх па-свойму адчуваецца жывая сiла, загадкавая мудрасць i вечнасць прыроды.

У тыя хвiлiны я добра разумеў дзеда, што называў сябе лясным чалавекам…

Источник: news.21.by


РАЗВІТАННЕ З ЛЕТАМ. Сланечнікi сімвалізуюць яркае і шчодрае летняе сонца, якое хутка перастане радаваць нас сваім цяплом, і трэба надоўга захаваць яго вобраз у памяці.

Адышло лета. Гэта адчуваеш усюды: у вёсцы, у гора-дзе, у полі, у лесе… Восень наступае.

Залатая восень – цудоўная і непаўторная пара, сапраўды кірмаш фарбаў. Блакіт неба, жоўта-чырвонае лісце бяроз, асін і клёнаў, пенсовыя ягады каліны, рабіны, шыпшыны.
Восень – гэта постані на вечных дарогах старога і новага жыцця, якое ў гэтую пару не замірае, а нараджаецца. Яно проста стаіць перад пачаткам новага, яшчэ шырэйшага круга. Бяроза, каля якой я прыпыніўся, адшумела летнім зямным лісцем і паслала ў свет мільёны новых бярозак, схаваных у яе лятучым насенні.

З дня ў дзень губляе сваю блакітную празрыстасць неба, часцей хмурнеючы, ніжэй апускаецца да зямлі. Хутка імчаць скудлачаныя хмары.

Калі часам, ідучы па сцежцы, задумаешся і перад вачыма ўсплывае што-небудзь даўно перажытае, то рэзкі ўдар сарванага ці ўзнятага ветрам з зямлі ліста па твары адразу напомніць табе аб набліжэнні восені. І ўсё часцей прыносіць гэтую вестку далёкі развітальны крык жураўлёў.


Дзесьці высока-высока, за самымі хмарамі, курлычуць журавы, і кожнаму хочацца іх убачыць. Усе ўглядаюцца ў глыбокую цемразь неба, сілячыся распазнаць у цьмяным імгненні зорак, у разрывах хмар сілуэты прывабных і загадкавых птушак. Але яны ўжо далёка. І толькі на сэрцы доўга аддаецца яна невыразным болем, горыччу невыказанай страты. Сумна адчуваць, што пачынаецца новая старонка жыццёвай біяграфіі.

Сярод «гнілой» восені выдаюцца часам ясныя і светлыя дні. Нечакана выблісне ласкавае сонейка і пачне назіраць. І ўсё навокал ажывае, весялее. Ясна і хораша. Восень дорыць некалькі цёплых, светлых дзён. Стала ціха, у паветры плыве павуцінне. Тонкія серабрыста-белыя валаконцы вісяць у паветры, асядаюць на зямлю, чапляюцца за платы, хмызнякі, сухую траву. Гэта апошнія ясныя, развітальныя дзянькі бабінага лета.

Увосень ночы доўгія. Калі хмары не закрываюць месяца, то зорнае неба чыстае, высокае і ўсю ноч зіхаціць сваім ясным хараством.

У лесе ў сухую пагоду шасціць пад нагамі лісце, мох, гарыць верас сіняватымі кветкамі. На імшарынах, у саснячку пераспелі дурніцы, цяпер яны кіслыя. Найсмачныя брусніцы. На купінах шмат журавін. Недзе над галавой дзяцел дзяўбе сухое, звонкае дрэва. Унізе цінькаюць сінічкі-гаічкі, пырхаюць з сучка на сучок, з галінкі на галінку. Пасля густых ранішніх туманаў, багатых начных рос і цёплага дажджу сталі расці грыбы.

Схаваецца за хмары сонца, падзьмуе вецер, пачынае крапіць дожджык, і кудысьці пахаваюцца падманутыя цёплымі днямі ўсялякія казюлькі, матылькі, стракозы і мурашкі. Пасля начных халадоў пачынаецца большы лістапад. Ранкамі вісіць туман, рознакаляровае лісце ў промнях сонца няспешна апускаецца на зямлю. Здаецца, што ў такую часіну трапляеш у цікавую казку.


У асеннім полі і лесе добра думаецца. Тут, на бязлюднай палявой дарозе, на пустым, панурым полі, дзе цяжка спыніць на чым-небудзь позірк, думкі плывуць спакойна і павольна. У лесе яны маюць іншую форму: хуткія, змяняюць адна адну. Можа, гэта таму, што ўсё вакол гарыць фарбамі згасаючага сонца, шумам леса.

Я люблю восень. Яна заўсёды навявае мне нейкі ўзняты настрой.

Восень жыцця чалавека. Хіба мала хараства ў гэтым адцвітанні душы, у гэтым пакорным, спакойным развітанні з уцехамі маладосці? Калі пачынаецца пара асенніх туманаў, усё робіцца падуладна цішыні, доўгай і журботнай, як роздум чалавека над пражытым жыццём.

Прыемна вось так стаяць пад гэтым асеннім небам, сярод гэтай неўміручай прыгажосці! Чуць бы яе заўсёды, бачыць бы доўга. І зусім не хочацца ісці дадому. Вёска спіць, я стаю са сваімі разважаннямі. Пахаладнела, зоры абсыпалі ўсё неба. Млечны шлях трымціць у вышыні. Зоры, вялікія і малыя, вядомыя і невядомыя. Усё гэта вабіць, кліча, навявае прыемны сум.

Міхась Масюк

Источник: govorim.by

      У сярэднім школьным звяне, калі вядзецца навучанне напісанню сачынення (аднаму з самых цяжкіх відаў працы, на маю думку,) групавая праца таксама шмат у чым дапамагае вучням.


       Звычайна на дошку вывешваюцца табліцы з асноўнымі патрабаваннямі да напісання сачынення, а вучні ў групах прадумваюць, якім можа быць уступ, што павінна ўключаць у сябе асноўная частка і заключэнне, што можа паслужыць асноўнай думкай сачынення і г.д.

       Праз адпаведны час вучні зачытваюць, што ў іх атрымалася, аналізуюць. Яны вучацца такім чынам пазітыўна ацэньваць працу іншых і карэктна не згаджацца з чыёйсьці думкай, пакідаючы права кожнаму мець сваё меркаванне.

        На пачатку былі перасцярогі, што атрымаецца 22 сачыненні, падобныя  як дзве кроплі вады. Але такога не здарылася. Дзеці хочуць, каб іх паважалі. Яны захапіліся працай на ўроку, паверылі ў тое, што могуць прыдумаць самі нешта цікавае, падабраць патрэбныя аргументы для доказу пэўнай думкі. Яны ведаюць, як гэта рабіць. І робяць. Адны лепш, іншыя горш. Але робяць усе. Сачыненне – работа творчая, якая дае магчымасць вучням яшчэ глыбей зазірнуць на праблему, выказаць свой асабісты пункт погляду, падвесці рыску ў сваім разважанні, зрабіць выснову і параіць нешта іншым. Паступова знікае неабходнасць у калектыўнай працы. Дзеці могуць пісаць сачыненні самі. На адным з такіх урокаў вучні стварылі сапраўдныя лісты-пяшчоты. Вось прыклады такіх сачыненняў: 

        Мама, мамачка, матуля – найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш святое, чым слова маці? Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, дарослага – маці – самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.


               Маю матулю завуць Святлана. Яе імя вельмі падыходзіць ёй, таму што яна светлавалосая і з блакітнымі вачыма. Добры, ласкавы позірк і зграбная постаць. На свята маці гатуе розныя ласункі і прысмакі. У маёй мамы самыя добрыя і ласкавыя рукі.

                Здаецца мне, што ніхто не ўмее так, як мая маці, перажываць і хвалявацца за мяне. Так, як маці, ніхто мяне не разумее. Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе. Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе. І я заўсёды буду любіць сваю матулю. Ніхто не заменіць мне самую лепшую ў свеце мамачку маю.

Капусцін Вадзім, вучань 8 “Б” класа

      Самае цудоўнае слова на зямлі – мама. Гэта першае слова, якое вымаўляе чалавек. І гучыць яно на кожнай мове аднолькава прыгожа і пяшчотна. Маці – самае лепшае, што ёсць у маім жыцці. Яна мяне нарадзіла, выхаджвала, начамі не спала, корміць, апранае, выхоўвае.

             У маёй мамы добрыя карыя вочы, у якіх пабліскваюць маленькія сонечныя агеньчыкі-іскрынкі; тонкія чорныя бровы; пяшчотны ласкавы пагляд; тонкі гнуткі стан; зграбная постаць.

            У маёй матулі добрыя і ласкавыя рукі. Яны ўсё ўмеюць. Калі заходзіш у кватэру, заўважаеш, якая руплівая і дбайная гаспадыня цябе сустракае.

           Апранаецца мама звычайна сціпла, проста, але з густам. Як бы яна ні апраналася, я заўсёды здагадваюся, што гэта мая маці.

           Маці – мой самы лепшы сябар і дарадчык. З ёю можна падзяліцца сваімі сакрэтамі і няўдачамі. Яна дапамагае мне і ў цяжкую хвіліну.

           Слова маці незвычайнае, святое. І ў любым узросце я буду любіць сваю маму – самую лепшую ў свеце – за яе пяшчоту і дабрыню.

Крутаў Віктар, вучань 8 “Б” класа

      Для сябе разумею, што ў час урокаў настаўніку неабходна спасцігаць новы матэрыял разам з вучнямі, “думаць” на іх вачах, прыбягаць да іх падказак, прасіць іх дапамогі. 

      Нашым пастаянным клопатам павінны быць разнастайныя па структуры ўрокі. Абавязкова трэба лічыць увядзенне ў кожны ўрок новага, незвычайнага, што будзіць у вучняў цікавасць да навукі, вучыць творча падыходзіць да любой, нават самай абыдзенай справы. 

     (Інтэрпрэтацыя Мохаравай Юліі, вучаніцы 8 “Б” класа)

   Мы пачынаем наш урок…  Сёння мы перанясемся ў казачную краіну залатой восені. Адразу,  можа,  гэтага не адчуеш, не заўважыш. Але часцінка прыроды заўсёды з намі. Восень – гэта ціхая, спакойная, прыгожая, мілая сэрцу пара. Заплюшчыце вочы на імгненне, уявіце, як зялёныя дрэвы набываюць жоўты, аранжавы, чырвоны колеры. Дуне ветрык  — і нібы ў рытмічнай мелодыі апускаюцца на зямлю лісты. І вось рознакаляровы дыван разаслаўся пад тваімі  нагамі. А ў руках раптоўна апынуўся чырвона-зялёны кляновы лісток. Быццам перад табою наша Радзіма – Беларусь: зялёныя пушчы і дубровы, стужкі рэк і блакітныя азёры і лагодная,  як яшчэ цёплае паветра восені, разнастайная, як рознакаляровае лісце, рамантычна-ўзнёслая, як дзве бярозкі,  родная мова.  

   Зусім лёгка ўявіць,  што настаўніца роднай мовы і літаратуры , быццам восень. Лісце на дрэвах – гэта веды: новыя словы, знакі прыпынку. Восень зрывае з дрэў па лісточку і павольна апускае на зямлю, так , як і настаўніца,  паступова раскрывае нам таямніцы да нязведанага.

  Трэба бачыць, якой радасцю свецяцца твары хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны прысутнічаюць на нараджэнні верша ці апавядання. Так, напрыклад, зусім нядаўна на ўроку ў нас з’явілася калектыўная замалёўка.

Развітанне

     Залатая пара года. Восень нам уяўляецца жанчынай у жоўтай спадніцы. Яна, дзе ступае, там лісток ападае. Яна кіруе лістападам, ходзіць лясамі, пералескамі. Зямлю ўсыпае залатой лістотай, быццам дываном. Ах, якія прыгожыя лісты розных дрэў! Жоўтыя, чырвоныя… Яны то ўзлятаюць у паветра, то ападаюць на зямлю, то струменяцца, нібы кажуць:

-Бывай, галінка! Вясною зноў сустрэнемся…

           І хоць гэта замалёўка не надта дасканалая, але ў дзяцей выклікала і гордасць, і радасць, і жаданне. І з’явіўся вучнёўскі асенні “вернісаж”: 

   Вось і наступіла залатая асенняя пара. Час, калі дзеці ідуць у школу, калі лісты кружацца ў казачным карагодзе; пара, калі сонца яшчэ сагравае нас сваім цяплом. Відаць, самае галоўнае ў восені – гэта яе фарбы. Усе магчымыя цёплыя адценні зліваюцца ў гэтым выдатным пейзажы. Ты нібы трапляеш у казку. Але, на жаль,  многія не любяць восень. Відаць,  з-за надвор’я. Але хто сказаў што надвор’е бывае дрэннае? Камусьці і праліўны дожджык па душы! Я лічу, што гэтую пару года павінен любіць кожны.

Караткевіч Алег, вучань 8 “Б” класа

     Надышла восень. Сонца грэе яшчэ амаль па-летняму, імкнучыся аддаць  апошняе нерастрачанае цяпло. У блакітным і чыстым небе яшчэ амаль няма хмар. Толькі вецер стаў больш халодным, нагадваючы пра тое, што на двары ўжо верасень месяц. Сярод яркай зеляніны ўжо прыкметныя першыя прадвеснікі восені: жоўтае і чырвонае лісце. Хутка яно ападзе з дрэў і ўкрые сабою ўсе дарогі і сцежкі. 

  Прырода апранаецца ў яркія восеньскія фарбы, імкнучыся пакрасавацца перад прыходам сцюдзёна-белай зімы. Гэта падобна на развітальны карнавал, дзе залатая восень імкнецца паказаць усю сваю прыгажосць. Але перш чым канчаткова пахаладае і знікнуць яркія фарбы,  будзе яшчэ магчымасць парадавацца апошняму прывітанню: бабінаму лету. Гэтая мяжа паміж летам і восенню па-асабліваму яркая і прыкметная. Яна быццам увабрала ў сябе найбольш яркія і цёплыя фарбы.

  Угэты час можна атрымаць асалоду ад апошняга цяпла і пад прамянямі ўсё яшчэ цёплага сонейка марыць аб гарачым леце.

Прыступа Вольга, вучаніца 8 “Б” класа

   Восень- адна з найпрагажэйшых пор года. Яна , нібы чараўніца,  перамяшала розныя фарбы і ўпрыгожыла траву, лісце на дрэвах. Колькі разнастайных адценняў колераў! Трава засыпана дываном з лісця клёнаў, яблынь, дуба. Тут і чырвона-жоўтае, аранжава-карычневае, бурштынава-залацістае  адзенне. Толькі таленавіты мастак мог стварыць такую палітру. Сваё захапленне восенню людзі шмат разоў выказвалі мовай мастацтва. Восені прысвяцілі свае творы музыканты, пісьменнікі, мастакі, бо прырода- самая старажытная і магутная крыніца цудоўнага.

   Я таксама люблю восень , асабліва цёплую, сонечную, якую завуць”бабіным летам”. Неба ў гэты час празрыстае, сіняе. А дрэвы якія прыгожыя, апранутыя ў святочнае адзенне!

Юрчанка Дзмітрый, вучань 8 “Б” класа

    Восень – гэта дзіўная пара года. Самая першая прыкмета восені – гэта птушкі, якія адлятаюць ад нас на цэлую зіму ў вырай. Ад першага марозу жаўцее лісце на дрэвах. Усё навокал пакрыта рознакаляровым дываном. Цяпер не пазнаць наш лес.  Ён апрануў сваё самае прыгожае адзенне. Аранжавы, чырвоны, жоўты, зялёны – традыцыйныя колеры восені. Аранжава-чырвоныя клёны нагадваюць заход сонца. Жар-птушка рабіна  апранула чырвоныя завушніцы. Яны гараць на галінках, нібы полымя. Нібы ў хаце цёплая печ, яны грэюць нас у марозную асеннюю раніцу. А пад рознакаляровым адзеннем восені схаваліся грыбы. Кліча восень: “Ідзі, збірай, грыбочкі!”

Сотнікава Ірына, вучаніца 8 “Б” класа

Источник: chech-gymnazium.schools.by